
Сёння ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея адкрываецца выстава мастацкага шкла 1910–1960-х гадоў “Асцярожна, посуд!”.
На выставе прадстаўлены каля 70 твораў, якія з’яўляюцца ўзорамі бытавых вырабаў Барысаўскага хрустальнага завода імя Ф.Э. Дзяржынскага і шклозавода “Нёман”.
“У паўсядзённым жыцці шкляному і хрустальнаму посуду часта адводзілася пачэснае месца, самае бачнае ў доме – у серванце з празрыстымі дзверцамі, — анансуюць выставу ў музеі. — Ён быў выдатным падарункам, прадметам гонару, а таксама перадаваўся ў спадчыну з пакалення ў пакаленне.
Экспанаты выставы “Асцярожна, посуд!” прадстаўляюць узоры бытавых і дэкаратыўных вырабаў са шкла 1910–1960-х гадоў, прызначаных для масавай вытворчасці, а таксама сувеніры, якія дэманструюць у першую чаргу работу мастака, творчы патэнцыял, разуменне сучасных яму задач, фантазію і талент”.
Работа выставы будзе доўжыцца да 23 ліпеня.