Аршанскія ўлады адмовіліся змяніць рускамоўную частку мемарыяльнай дошкі ў гонар Уладзіміра Караткевіча

Пад адпаведным зваротам было сабрана больш сотні подпісаў.

Размова – пра надпіс на мемарыяльнай дошцы, прысвечанай пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, якая была ўстаноўлена ў лістападзе мінулага года на будынку сярэдняй школы №3 Оршы.

Падпісанты зварота апелявалі да артыкула №2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, згодна якому “грамадскія адносіны ў сферы культуры грунтуюцца на аснове прынцыпа прыярытэту развiцця беларускай нацыянальнай культуры і прызнання беларускай мовы адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту”; а таксама артыкула №8, згодна якому “напрамкамі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры з’яўляюцца: захаванне, развiццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры i мовы”.

«Улічваючы неацэнны ўклад вялікага беларускага пісьменніка ў развіццё беларускай мовы і культуры, а таксама беларускае заканадаўства просім замяніць мову мемарыяльнай дошкі на беларускую – мову пісьменніка”, – гаварылася ў звароце неабыякавых жыхароў Віцебскага рэгіёна.

Аднак аршанскія ўлады гэтых аргументаў не пачулі.

Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што памятная дошка складаецца з дзвюх частак. На адной размешчаны партрэт пісьменніка і тлумачальны надпіс пра яго на рускай мове. Другая частка – урывак з верша Уладзіміра Караткевіча ”У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы…“ на беларускай мове.

Кажуць, гэта зроблена наўмысна, бо Караткевіч пісаў свае творы як на рускай, так і на беларускай мовах.

“У гады студэнцтва з 1949 па 1954 год (філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т.Шаўчэнкі) пісьменнікам былі напісаны творы на рускай мове (аповесць ”Предыстория“, апавяданні ”Скрипка поёт“, ”Клён“, ”Руки“ і іншыя, верш ”Тут будет канал“). Пасля заканчэння ўніверсітэта з 1954-га па 1958 год Караткевіч выкладаў рускую мову і літаратуру,” – падмацавалі выканкамаўцы сваю пазіцыю фактамі з біяграфіі пісьменніка.

Яшчэ адным аргументам стала тое, што адукацыйны працэс у дзяржаўнай установе адукацыі ”Сярэдняя школа №3 г.Оршы імя У.Караткевіча“ ажыццяўляецца на рускай мове.

Паколькі, згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы, на думку намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Уладзіміра Калачова, “замена дошкі на будынку ўстановы адукацыі з’яўляецца немэтазгоднай”.

Ганна ГАРДЫНЕЦ.