Аплявуха Георгію Кандрацьеву

Фота з адкрытых крыніц.

Як вядома, у мінулыя выхадныя зборная Беларусі па футболе стартавала ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2024. Гулялі са швейцарцамі і адразу смачная аплявуха – 0:5!

Дарэчы, напярэдадні гульні са швейцарцамі галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў абяцаў “паспрабаваць у чарговы раз парадаваць балельшчыкаў. І гэта ў той час, калі каманда пад яго кіраўніцтвам не можа перамагчы ўжо ў 14 афіцыйных матчах запар, а апошняя перамога беларусаў адбылася роўна два гады таму – 27 сакавіка 2021 года, калі яна выйграла ў эстонцаў (4:2) у дамашнім матчы кваліфікацыі да чэмпіянату свету-2022.

Самае цікавае, што літаральна за некалькі дзён да канфузу са швейцарцамі адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Беларускай федэрацыі футбола, дзе 88 дэлегатаў адзінагалосна абралі новага старшыню федэрацыі – Уладзіміра Базанава на гэтай пасадзе змяніў экс-кіраўнік Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. 88 футбольных функцыянераў палову дня абмяркоўвалі “развіццё беларускага футбола”, а праз тры дні балельшчыкі ўбачылі гэтае “развіццё” на свае вочы ў матчы з камандай Швейцарыі.

Калі беларускі футбол настолькі дэградаваў, што каманда два гады не можа ні ў каго выйграць, калі ў краіне перавяліся футбалісты, якія, па словах таго ж Кандрацьева, не могуць з метра патрапіць у вароты, то няхай бы члены федэрацыі на чале са старшынёй апраналі б трусы і майкі ды выходзілі б самі на поле. Хто ведае, можа, тыя ж былыя футбалісты Аляксандр Глеб, Юрый Вяргейчык ці Віктар Барэль згулялі б лепш?

Ды і 73-гадовы экс-варатар мінскага “Дынама” Міхаіл Вяргеенка, якога, праўда, зараз выключылі са складу выканкама федэрацыі, магчыма, ў матчы са швейцарцамі не прапусціў бы ў першым тайме за 25 хвілін тры мячы ад 21-гадовага Рэната Штэфана.

Думаеце, нехта з чыноўнікаў той жа федэрацыі ці трэнераў папрасіўся пасля такой ганебнай паразы у адстаўку? Не дачакаецеся!

Уладзімір Базанаў чатыры гады сядзеў на гэтай пасадзе, зверху пазіраючы на дэградацыю нашага футбола, хаця ніхто яму не замінаў паступіць па-мужчынску, напісаўшы заяву аб адстаўцы. Больш за тое – ён да гэтага часу ў федэрацыі, толькі зараз на пасадзе намесніка старшыні. Ды і Георгію Кандрацьеву, які кіруе зборнай з 6 красавіка 2021 году, сорамна заставацца на пасадзе галоўнага трэнера зборнай, калі за два гады выніку – поўны нуль!

А па вялікім рахунку, добра было б, каб пасля такіх матчаў і члены федэрацыі, і трэнеры, і футбалісты ў абавязковым парадку сустракаліся з балельшчыкамі і хаця б паглядзелі ім у вочы. Калі сумленне яшчэ засталося, магчыма, і пачырванелі б.

P.S. Сёння, 28 сакавіка, зборная Беларусі правядзе другі матч кваліфікацыі да Еўра-2024 – згуляе ў гасцях з камандай Румыніі.