Анжаліка БОРЫС: “Я не хачу пакідаць сваю зямлю”

Анжаліка Борыс. Фота з адкрытых крыніц.

Былая кіраўніца Саюза палякаў, які ў Беларусі дзейнічаў без рэгістрацыі, Анжаліка Борыс дала першае інтэрв’ю пасля спынення крымінальнай справы, заведзенай супраць яе. Больш за два гады таму яна была затрымана ў Гродне, год яе трымалі ў СІЗА, пасля – пад хатнім арыштам ў вясковай хаце, дзе жыве маці. Цяпер аказалася, што “складу злачынства не было».

Вось што расказала Анжаліка Борыс выданню “Rzeczpospolitaja”.

Праз больш чым два гады з вас нарэшце знялі абвінавачанні, год вы правялі за кратамі. Як сябе адчуваеце?

– Чалавек пасля такіх перажыванняў становіцца адчувальным да пакут іншых. Я значна больш турбуюся пра іншых людзей. Мяняюцца каштоўнасці. Тое, што калісьці было важным, становіцца няважным. Я не адчуваю ніякай эйфарыі або радасці. Найперш, турбуюся пра сваіх калег, пра тое, каб Андрэй Пачобут выйшаў на волю. Я турбуюся за сваіх калег Ірыну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву. Каб яны маглі вярнуцца дадому. Яны нарадзіліся тут, у Беларусі, і вельмі сумуюць. Я таксама хвалююся за тое, каб іншыя людзі мелі нармальнае жыццё.

Вы кажаце, што каштоўнасці чалавека мяняюцца. Што для вас цяпер важна, а што страціла значэнне?

– Для мяне важна здароўе маіх блізкіх і калег. Я рада бачыць сонца і неба. Я рада чуць цудоўныя птушыныя спевы, на якія раней не звяртала ўвагі. Я рада, што людзі, з якімі я была ў зняволенні, цяпер ужо ў іншым месцы. На другі план адыходзяць матэрыяльныя рэчы. Важней чалавечае сяброўства і салідарнасць. Лепш пачуць добрае слова або адчуць добрае стаўленне, чым атрымаць які-небудзь падарунак.

Наколькі важная салідарнасць для людзей, якія ізаляваны ад астатняга свету? Ці ёсць падтрымка звонку?

– У тых мясцінах таксама жывуць людзі. І трэба знайсці з імі агульную мову, як і ў паўсядзённым жыцці чалавека. Я спрабавала дапамагчы тым, каму магла дапамагчы. Існуе правіла, што асяроддзе будзе мець да вас такое ж стаўленне, як і вы ставіцеся да гэтага асяродку. Трэба быць чалавекам. Чалавечыя кантакты, сяброўства і салідарнасць, – гэтыя каштоўнасці па-за часам. І яны важныя. Лісты ад сяброў мне паступалі, але не ўсе. А там важна мець кантакт з іншымі людзьмі.

Але не ўсё залежыць ад суседзяў па камеры. У турме кіруе адміністрацыя. Як яна ставілася да вас?

– Я не хачу каментаваць гэта.

– Вы сталі гераіняй для многіх палякаў. Што б вы хацелі сказаць людзям, якія больш за два гады падтрымлівалі вас і суайчыннікаў, якія пражываюць у Беларусі?

– Перш за ўсё я хацела б падзякаваць. Думаю, я нічога асаблівага не зрабіла. Я не адчуваю сябе гераіняй і не хачу, каб да мяне ставіліся як да гераіні. Я была б больш шчаслівая, калі б Андрэй Пачобут быў сёння ў той жа сітуацыі, што і я, каб ён быў на волі. Я вельмі перажываю за яго і іншых калег. Мне было нялёгка. У мяне былі праблемы са здароўем. Я не такая моцная, як іншыя. Я спрабавала быць такой, але часам арганізм чалавека не спраўляецца, і не ўсё залежыць ад нас.

Вы вельмі сціплы чалавек.

– Вакол занадта шмат пакут, на фоне якіх мае сённяшнія перажыванні, – нішто. Я не хачу перабольшваць сваёй ролі, час паставіць усё на свае месцы. Дзякуй за дапамогу, якую я атрымала, дзякуй маім блізкім і сябрам. Як з Беларусі, так і з Польшчы. Гэта было важным для мяне. Мы павінны трымацца, знайсці сябе тут і цяпер.

У Польшчу актывістак беларускай польскай меншасці Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую, Ганну Панішаву вясной 2021 года даставілі проста з-пад варты? Ці праўда, што вы з Андрэем Пачобутам таксама атрымалі тады прапанову пакінуць краіну?

– Так, тады я атрымала такую прапанову, але адмовілася. Я тады не ведала, што адбываецца з Марыяй ці Ірэнай. Я не хацела, каб была такая сітуацыя, што я з’язджаю з краіны, а яны застаюцца. Я не хацела кідаць сваіх сяброў.

У другі раз, калі ў мяне была магчымасць выйсці на волю, я пагадзілася, бо не ведала, ці вытрымае маё здароўе ўсё гэта.

Ці праўда, што ваша мама папрасіла Аляксандра Лукашэнку вызваліць вас?

– Так, мама звярнулася з лістом. Тады я таксама вагалася. У мяне была адзіная магчымасць убачыць Андрэя пад вартай. Я сказала яму, што маё здароўе не вытрымае гэтага даўжэй.

І што на гэта адказаў Андрэй?

– Ён катэгарычна адмовіўся з’язджаць. Ён сказаў мне трымацца. Я бачыла яго літаральна на імгненне. Гэта было два гады таму.

З 2020 года шмат што змянілася. Цалкам забаронена дзейнасць Саюза палякаў, які вы ўзначальвалі, зачынены польскія школы, разбураны многія польскія мемарыялы. Ці ёсць у польскасці на Беларусі шанец выжыць?

– Гэта не залежыць ад мяне і не залежыць ад польскай меншасці. Я вельмі б хацела, каб як мага больш дзяцей вывучалі польскую мову, таму што па прафесіі я настаўнік польскай мовы. Выкладаннем польскай мовы і культуры ў Беларусі я пачала займацца яшчэ ў 1992 годзе. Прайшло шмат часу. Шмат усяго адбылося. Пандэмія, а цяпер яшчэ і вайна ва Украіне. Столькі пакут… Нам застаецца толькі мець добрыя думкі. Бо маем гэткія, а не іншыя абставіны.

Тое, што вы перажылі за апошнія два гады, нагадвае вам які-небудзь фільм ці кнігу?

– Сёння мае думкі дзесьці ў іншым месцы, у галаве няма месца фільмам або кнігам.

Што мы, польскія журналісты, можам зрабіць сёння для палякаў, якія жывуць у Беларусі, і асабліва для Анджэя Пачобута, асуджанага да васьмі гадоў пазбаўлення волі, і іншых зняволеных?

– Усё, што вам трэба, гэта добрае слова, добрае стаўленне і разуменне. Гэта вельмі важна для нас. І яшчэ раз дзякуй усім. Я вельмі перажываю за Андрэя і хачу, каб ён меў такі ж статус, як і я. Памятайце пра яго.

Вы плануеце паездку ў Польшчу?

– Пакуль што я не думаю пра гэта. Я настаўнік польскай мовы, і для мяне важна, каб я магла выкладаць польскую мову ў Беларусі. Але сітуацыя можа скласціся і па-іншаму, пакажа час.

А ці праўда, што пасля таго, як вы выйшлі на волю ў сакавіку мінулага года, вы паспелі пабываць у польскім горадзе?

– Я была ў Польшчы ў ліпені мінулага года. Маё знаходжанне было нядоўгім. Я была ў Беластоку, сустракалася са сваімі сябрамі. Калегі ўгаворвалі застацца ў Польшчы, але ў мяне быў прызначаны дзень для наступнага допыту. І я вырашыла, што трэба вярнуцца. І будзе тое, што будзе. Беларусь – наша краіна, Польшча – наша другая радзіма. Я не хачу пакідаць сваю зямлю.

Хочаце што-небудзь дадаць?

– Хачу падзякаваць усім і павіншаваць са святам Вялікадня. Жадаю вам здароўя і Божай ласкі. Вакол шмат цяжкасцяў, чалавеку сёння трэба шмат сіл, каб мы маглі ўсё гэта перажыць.

 

У ТЭМУ

Дзе зараз вывезеныя ў Польшчу актывісткі польскай меншасці на Беларусі?

Ірэна Бярнацкая ўзначальвала суполку палякаў у Лідзе. Цяпер яна жыве і працуе ў Беластоку, актыўна распавядаючы пра тое, што адбываецца з польскімі актывістамі на Беларусі.

Марыя Цішкоўская кіравала аддзяленнем незарэгістраванага Саюза палякаў у Ваўкавыску.  Яна таксама жыве бліжэй да Радзімы, у Беластоку. Ключы ад кватэр жанчынам урачыста ўручаў прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі, але яны адразу заявілі, што хочуць вярнуцца ў Беларусь.

Ганна Панішава, актывістка з Брэста, якая ў горадзе над Бугам узначальвала Клуб каталіцкай інтэлігенцыі, зараз жыве ў Варшаве і працягвае працу як гісторык і даследчык.

Дарэчы, нагадаем, што, па словах Наталлі Эйсмант, прэс-сакратара Аляксандра Лукашэнкі, пра вызваленне польскіх актывістаў вясной 2021 года хадайнічаў экс-прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.  Маўляў, менавіта пасля яго просьбы было прынята адпаведнае рашэнне.

З інтэрв’ю Анжалікі Борыс вынікае, што тады беларускія ўлады гатовы былі вывезці ў Польшчу ўсіх, у тым ліку яе і Анджэя Пачобута.

Сёння жанчыны, вывезеныя з Беларусі ў абмен на свабоду, не ведаюць, ці могуць яны вярнуцца на радзіму, ці небяспечна гэта, ці закрыта справа супраць іх, як яна закрыта супраць Анжалікі Борыс.

 

А што з Пачобутам?

16 красавіка, ў нядзелю, Андрэй сустрэў за кратамі сваё 50-годдзе.

Ён асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі і зараз чакае разгляду апеляцыйнай скаргі.

Суд быў закрытым. Але, наколькі вядома, асудзілі яго за публікацыі ў польскіх СМІ па двух артыкулах Крымінальнага Кодэкса –  па артыкуле 361 «Заклікі да дзеянняў, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і артыкуле 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці». Па першым абвінавачанні яму прызначылі тры гады пазбаўлення волі, па другім – сем. Канчатковае пакаранне вызначылі шляхам частковага складання пакаранняў.

Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка адмовіўся вызваліць Пачобута ў абмен на адкрыццё памежнага перахода “Баброўнікі”, які мяжуе з беларускай Бераставіцай. Ён у абмен за Пачобута запатрабаваў выдачы Польшчай аднаго з лідараў беларускай апазіцыі ў эміграцыі Паўла Латушкі разам з ягонай камандай. Уся мужчынская частка каманды Латушкі пагадзілася на такі абмен, але пры ўмове, што з-за кратаў выйдзе не толькі Пачобут, але і ўсе беларускія палітвязні.

У любым выпадку, перамовы не прыпыняюцца.

Сяргей ПРАЎДЗІН.