
Як вядома, на працягу чатырох дзён зборная Беларусі па футболе прайграла два матчы ў кваліфікацыйным турніры Еўра-2024.
Спачатку беларускія футбалісты атрымалі добрую аплявуху ад швейцарцаў — 0:5, а праз некалькі дзён саступілі і румынам — 1:2. Пры гэтым румынскія футбалісты здолелі ў першым тайме за дзве хвіліны забіць беларусам два галы.
Такім чынам, зборная Беларусі прадэманстравала горшы ў сваёй гісторыі старт у адборачным турніры чэмпіяната Еўропы. Два паражэнні з агульнай колькасцю забітых і прапушчаных галоў 1:7 — такога яшчэ не было! Пасля пройгрыша румынам у сваёй групе беларусы апусцілі на апошняе месца — ніжэй Косава і Андоры.
Увогуле ж, беларуская каманда пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева не можа перамагчы ўжо ў 15 афіцыйных матчах запар, а апошняя перамога беларусаў адбылася 27 сакавіка 2021 года, калі яна выйграла ў эстонцаў (4:2) у дамашнім матчы кваліфікацыі да чэмпіянату свету-2022.
Зараз да чэрвеня ў нацыянальнай каманды перапынак у афіцыйных матчах.
Астатнія матчы:
16 чэрвеня. Беларусь—Ізраіль
19 чэрвеня. Беларусь—Косава
9 верасня. Андора—Беларусь
12 верасня. Ізраіль—Беларусь
12 кастрычніка. Беларусь—Румынія
15 кастрычніка. Швейцарыя—Беларусь
18 лістапада. Беларусь—Андора
21 лістапада. Косава—Беларусь.