Андрэй Скурко

Магчыма, зусім хутка пабачыць свет яго пераклад “Айбаліта”, які будзе называцца “Доктар Будзьздароў”.

Нагадаем: Андрэй Скурко быў затрыманы 8 ліпеня 2021 года і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Ён быў у статусе падазраванага па справе аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).

28 ліпеня Андрэю Скурко было прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 216 КК («нанясенне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання, зробленае групай асобаў»).

У канцы студзеня 2022 года пракуратура перадала справу журналістаў Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко ў суд.

15 сакавіка 2022 г. былі вынесены прысуды Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко. Яны былі прызнаны іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу, ім прысудзіла кожнаму па 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Зараз Андрэй Скурко адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 15. Хутка будзе паўтара года, як журналіст знаходзіцца ў няволі.

Па словах родных, Андрэй у парадку, наколькі гэта магчыма ў такой сітуацыі. Пастаянна перадае прывітанне ўсім, хто за яго перажывае.

“Ён некалі пастанавіў, што ў любой сітуацыі, у любых абставінах трэба сачыць за здароўем цела і душы і прытрымлівацца гэтага на працягу ўсяго зняволення”, – кажуць блізкія Андрэя Скурко.

Чалавек, які сустракаўся з ім нядаўна, кажа, што Андрэй спакойны і мудры, і гутарыць з ім – задавальненне. Іншы чалавек казаў, што ў яго свецяцца вочы. Родныя ведаюць: Андрэй стараецца пражыць гэты час максімальна спакойна і сабрана. Ён некалі пісаў, што гэтыя выпрабаванні – неабходны этап сталення нацыі.

Таксама, магчыма, зусім хутка пабачыць свет яго пераклад “Айбаліта”, які будзе называцца “Доктар Будзьздароў”.

Раней выйшла кніга Андрэя Скурко “Пра сланоў і барсучкоў”, у якую ўвайшлі 65 вершаў для дзяцей і шмат малюнкаў. Усё гэта было напісана за кратамі.

Ігар СТАСЕВІЧ.

Публікацыя з № 104 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.