Муж грамадскай актывісткі з Брэста распавёў, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца яго жонцы ў няволі.

Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 года. Сілавікі выламалі дзверы ў яе кватэры, правялі агляд, канфіскавалі шэраг рэчаў, а жанчыну затрымалі і адвезлі ў Ізалятар часовага ўтрымання. Пазней яе перавялі ў СІЗА.

Ёй прад’явілі абвінавачванні па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нанесла драпіну аднаму з міліцыянераў.

Пазней стала вядома, што жанчыну таксама вінавацяць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Падчас зняволення яе  некалькі разоў змяшчалі ў карцар, яна скардзілася на псіхалагічны і фізічны ціск.

9 чэрвеня 2021 у судзе Маскоўскага раёна Брэста быў вынесены прысуд Паліне Шарэнда-Панасюк – 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

У мінулым годзе стала вядома, што на Паліну завялі яшчэ адну крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

7 красавіка 2022 года ў Гомельскай жаночай калоніі вынеслі новы прысуд Паліне Шарэнда-Панасюк – суд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год у калоніі. Зараз яна адбывае пакаранне ў папраўчай установе ў Гомельскай вобласці.

Вядома, што палітзняволеную амаль увесь час трымаюць або ў ШІЗА, або ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу).

“Калі жонка знаходзіцца ў ПКТ, у гэты час ёй нельга нічога перадаць, – кажа Андрэй Шарэнда, муж палітзняволенай. – Так атрымалася, што Паліна ў калоніі больш за чатыры месяцы, а ў атрадзе фактычна не знаходзілася.

З гэтых чатырох месяцаў – восемдзесят сутак яна правяла ў ШІЗА, у карцары.

Спасылаючыся на тое, што жонка ўвесь час знаходзіцца ў карцары, да яе не мог патрапіць адвакат, не даходзілі перадачы і лісты, якія мы адпраўлялі.

Перад самым Новым годам Паліну ізноў адправілі ў ШІЗА на 10 сутак. Да гэтага яна ўжо больш за два месяцы была ў ПКТ”.

Днямі споўнілася два гады, як Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца за кратамі.

“Два гады нашы дзеці – ні Славамір, ні Стах – не бачылі сваю маму, не чулі яе голасу, не абдымалі, – працягвае Андрэй Шарэнда. – За гэты час Славамір вырас амаль на 30 сантыметраў і стаў зусім дарослым. Стах не адстае, прыбавіў два дзесяткі сантыметраў, засвоіў ровар і нават навучыўся плаваць. Славамір добра памятае маму, а вось Стах быў зусім малы і ўжо ведае маму толькі па фатаздымках, нашым расповядам і прачытаным лістам ад яе.

Паліна таксама бачыць дзяцей толькі на фатаздымках, якія зрэдку прапускае турэмны цэнзар. З многіх дзесяткаў фотак дзяцей, якія мы высылалі Паліне, да яе патрапілі толькі адзінкі.

Я заўсёды па-добраму троху зайздросціў сваякам палітвязняў, чые родныя могуць тэлефанаваць з-за кратаў праз аўдыё- і відэазванкі. Гэта сапраўднае свята, калі ты можаш некалькі разоў на месяц чуць і бачыць таго, хто знаходзіцца так блізка, але так далёка.

Дзе б Паліна не з’яўлялася, яе адразу пазбаўлялі такой раскошы, як званкі родным. І за два гады гэтага так і не здарылася.

Але ў мяне з Палінай свая сувязь, і я заўсёды адчуваю яе. Адчуваю яе праз адлегласці, межы, сцены і краты. Я ўпэўнены мы хутка навярстаем страчаныя гады, і у нашай сям’і будзе шмат гадоў шчасця разам”.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.