Амбасада Германіі ў Беларусі: “Памятаць аб злачынствах і рабіць усё, каб такое ніколі больш не паўтаралася…”

Фота з адкрытых крыніц.

Амбасада Германіі ў Беларусі зрабіла заяву за нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту.

“27 студзеня 1945 года, 78 год таму, савецкія вайскоўцы вызвалілі тых нешматлікіх вязняў нямецкага лагера смерці Асвенцым, якія на той момант выжылі. Геаграфічная назва «Асвенцым» стала сінонімам недаравальных варварскіх злачынстваў, здзейсненых немцамі з 1933 па 1945 год у адносінах да яўрэяў і многіх іншых. Сёння, у дзень гадавіны вызвалення Асвенцыма, у многіх краінах – у тым ліку і ў Беларусі – адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту.

Шэсць мільёнаў яўрэяў былі забітыя з 1933 па 1945 год немцамі ці па віне немцаў. Шэсць мільёнаў трагічных лёсаў: дзеці, якія так і не сталі дарослымі. Бацькі, якія так і не ўбачылі сваіх дзяцей пасталелымі. Бабулі і дзядулі, якія ніколі не гулялі са сваімі ўнукамі. Час, які прайшоў з тых падзей, параўнальны з даўжынёй чалавечага жыцця.

Для нас, немцаў, недаравальныя варварскія злачынствы, здзейсненыя немцамі ці ад іх імя, – прычына для найглыбейшага сораму. Яны накладаюць на нас, немцаў, абавязкі шанаваць памяць ахвяр і памятаць аб злачынствах. І рабіць усё, каб такое ніколі больш не паўтаралася.

Беларусь і яе насельніцтва асабліва пацярпелі ад знішчальнай лютасці немцаў у Другой сусветнай вайне. Пацвярджэнне таму – такія назвы, як «Яма», «Мінскае гета», «Хатынь» ці «Малы Трасцянец». Урад Германіі і яе грамадзяне ведаюць, што прымірэнне – незаслужаны падарунак, які яны атрымалі ад яўрэяў і беларусаў. Немцы абавязкова захаваюць гэты дар.

Пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр і іншыя прадстаўнікі Пасольства Германіі ў Беларусі па запрашэнні арганізатараў прымаюць удзел у розных памятных мерапрыемствах, прысвечаных Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту, па ўсёй Беларусі. Прадстаўнікі Пасольства прымаюць гэтыя запрашэнні з усведамленнем, што яны з’яўляюцца падарункам і гонарам для немцаў і Германіі. У адзінстве з партнёрамі і сябрамі, з усведамленнем, якое пераходзіць у абавязак, мы рашуча заяўляем: “Ніколі зноў!”