Алена Анісім.

Экс-депутат Палаты прадстаўнікоў, экс-кіраўніца ліквідаванага па рашэнні Вярхоўнага суда «Таварыства беларускай мовы Алена Анісім лічыць, што дэпутатам Палаты прадстаўнікоў варта адразу прымаць законапраекты на дзвюх дзяржаўных мовах.

Днямі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале выклалі  перакладзены на беларускую мову Крымінальна-выканаўчы кодэкс.

Паведамляецца, што пераклад кодэкса на беларускую мову адобраны экспертнай радай, якая складаецца з прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства культуры, Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, ВНУ краіны і іншых арганізацый.

Як паведамляе pravo.by, “усяго з пачатку працы экспертнай рады на беларускую мову перакладзены 16 заканадаўчых актаў: Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Выбарчы, Грамадзянскі, Жыллёвы, Працоўны, Водны, Лясны, Кодэкс аб зямлі, Кодэкс аб нетрах, Кодэкс гандлёвага мараплаўства, Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Грамадзянскі працэсуальны кодэкс, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь”.

 

Мне падавалася, што ўжо больш дакументаў перакладзена на мову, але давядзецца гэтыя лічбы прымаць на веру, — сказала Алена Анісім “Народнай Волі”.У сваю бытнасць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў я лабіравала такі парадак, каб заканадаўчыя акты адразу прымаліся на абедзвюх дзяржаўных мовах, каб не ўзнікала ніякіх ні разыходжанняў, ні адставанняў у графіку. З’явіліся два акты – і кожны, хто мае ў гэтым патрэбу, карыстаецца тэкстам ці на рускай, ці на беларускай мове.

А калі атрымліваецца так, што законы прымаюцца толькі на рускай мове, то, зразумела, што пераклад іх на беларускую мову затрымліваецца. Бо да гэтага маюць дачыненне спецыялісты, якія не працуюць стала ў сістэме Палаты прадстаўнікоў ці ў сістэме Цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, якія ў асноўным нясуць адказнасць за арганізацыю гэтага перакладу. Таму сітуацыя такая, якая ёсць… Людзей не прымусіш працаваць больш, бо гэта не іх асноўная праца. Яны працуюць згодна з тым графікам, які складаецца: як правіла, кожны квартал здаюць нейкі адзін заканадаўчы акт альбо некалькі, калі гэта, напрыклад, невялікія па аб’ёме кодэксы”.

Цікава, што Алена Анісім у экспертную раду па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову не ўваходзіць.

“Калі была дэпутатам, то ўваходзіла, — гаворыць яна “Народнай Волі”. – І яшчэ год ці два, калі працавала ў Інстытуце мовазнаўства. А зараз не прысутнічаю на гэтых паседжаннях і такім чынам не маю дачынення да працы гэтай камісіі.

Ведаю, што ад самага пачатку, калі толькі ствараўся гэтая экспертная рада, у яе ўваходзілі не толькі чыноўнікі, але і выкладчыкі, навукоўцы, практыкі, якія мелі дачыненне да юрыдычнай лексікі з БДУ і Педуніверсітэта, супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук”.

Марына КОКТЫШ.