Алена Анісім: «Я не атрымліваю дэпутацкую пенсію…»

Алена Анісім. Фота з адкрытых крыніц.

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і экс-кіраўніца ліквідаванага Таварыства беларускай мовы распавяла “Народнай Волі” пра тое, якую мае пенсію, пра сёняшняе жыццё і нежаданне з’язджаць з Беларусі.

Нагадаем, што не так даўно Алену Анісім затрымалі на працоўным месцы – у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук.

Пазней, як высвятлілася, па версіі міліцыянераў, Анісім “агрэсіўна сябе паводзіла ў РАУС”, за што і была асуджана да адміністрацыйнага арышту на 12 сутак. За за гэты час з Акадэміі навук яе звольнілі.

Алена Мікалаеўна распавядала, што летам не збіраецца кудысьці працаўладкоўвацца, бо трэба крыху ачуняць, акрыяць, адпачыць.

“З верасня, магчыма, ужо буду шукаць нейкую падпрацоўку, — паведаміла Алена АНІСІМ “Народнай Волі”. – Жыццё пакажа, што будзе далей

Нейкія мінімальныя грашовыя сродкі ў выглядзе пенсіі я ўсё-такі маю, таму летам магу сабе дазволіць не працаваць.

Алена Анісім была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VI склікання. Якую яна цяпер пенсію атрымлівае: звычайную ці дэпутацкую?

— У мінулым годзе я адзначала 60-гадовы юбілей, — распавядае Алена Мікалаеўна. – Па законе я мела права пайсці на пенсію ў 56 гадоў, але, паколькі ў гэты час, у 2018 годзе, была дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, то адклала яе афармленне.

У 2019 годзе я ізноў вылучала сваю кандыдатуру ў Палату прадстаўнікоў, але мяне не зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў дэпутаты. Вось тады я і падала дакументы на атрыманне пенсіі. На той час яна была ў мяне сярэдняй па Беларусі.

Праўда, той год, калі адмовілася ад пенсіі падчас дэпутацтва, пералічылі, пасля чаго дадалі 6 працэнтаў.

— Дык дэпутацкую пенсію вы не атрымліваеце?

— На той момант, калі я ішла на пенсію, працэдура была такая. Калі чалавек быў на выбарнай пасадзе поўны тэрмін, але не менш за 5 гадоў, то меў права на штомесячную дэпутацкую даплату да пенсіі. Пра памер даплаты я дакладна не ведаю, але сума істотная.

Паколькі дэпутаты нашага склікання закончылі працу датэрмінова (замест чатырох гадоў — адпрацавалі тры), а на наступных выбарах у Палату прадстаўнікоў я не патрапіла, то адпаведна ніякіх правоў на гэтую дэпутацкую даплату я не мела.

Такім чынам, пенсія мне была прызначана згодна з маім працоўным стажам. А стаж у мяне – больш за 40 з нечым гадоў, таму маю нават званне “Ветэран працы”. Праўда, на памер пенсіі гэтае званне практычна не паўплывала.

Асноўнае, што ўплывае на пенсію – гэта сярэдні заробак. У розныя гады ён быў у мяне розны, бо раней жа я працавала і настаўнікам, і ў інстытуце.

— Калі не сакрэт, якая у вас зараз пенсія?

— Да чэрвеня была 707 рублёў, але з 1 мая пенсію паднялі на 5 працэнтаў, таму зараз дадалося 35 рублёў. У выніку атрымала 742 рублі.

Заплаціш камунальныя, купіш нешта паесці, а на што большае, то ўжо і не разгонішся.

Таму летам адпачну, а восенню буду шукаць нейкую працу, бо дадатковая капейка не пашкодзіць.

— Пасля таго, як вы выйшлі з Акрэсціна, ці тэлефанавалі вам са словамі падтрымкі калегі з Акадэміі навук?

— З калегамі я мела магчымасць развітацца, калі забірала працоўную кніжку. І развіталіся даволі цёпла, некаторыя нават сказалі такую рэч: “У нас такое ўражанне, што ты хутка назад вернешся”. Гэта мяне, безумоўна, насмяшыла, але хто ведае – усялякае ў жыцці бывае.

Так што з калегамі мы развіталіся вельмі цёпла, па-сяброўску… Усё-такі ў інстытуце я працавала з 1991 года, быў толькі перапынак на дэпутацтва. За гэты час было шмат чаго добрага, таму лічу, што з калектывам мы разышліся нармальна.

— Зараз чым вы займаецеся?

— Хатнімі справамі. То ў вёсцы бываю, то ў Мінск вяртаюся. Бацькоўскі дом пастаянна трэба падтрымліваць у належным стане – нешта абнаўляць, нешта даводзіць да толку. Спраў у мяне хапае.

— А не было жадання з’ехаць з Беларусі?

— Не было, няма і, спадзяюся, не будзе.

Усё сваё жыццё я пражыла ў Беларусі і, нават калі ў санаторый з’язджаю, то дзесяць дзён вытрымліваю са скрыпам.

Мае думкі толькі тут, маё жыццё таксама тут. Як бы ні было, я застануся ў Беларусі.

Алесь СВЯТЛАНІЧ.

ИсточникНародная Воля
Авторство всех материалов, опубликованных на сайте nv-online.info до 02.08.2023 принадлежит УП "Народная Воля".