Калонка Алеся Няўвеся

У хляве пенсіянера з вёскі Будоўля Магілёўскага раёна завяліся восы. Пазбавіцца ад іх стары вырашыў пры дапамозе паяльнай лямпы. У выніку цалкам згарэў хлеў і ледзь не занялася хата.

Благі настрой і побыт твой паганы,
Як завяліся дома прусакі
(А хто-ніхто гаворыць – тараканы)
І іх на кухні цэлыя палкі.
І рады нельга даць нахабнай плойме,
Труці паганцаў тых ці не труці:
Іх ні мыш’як, тым больш ні дуст не пройме.
Дый многа іншай набрыдзі ў жыцці!
Старому дакучалі, скажам, восы:
Павесілі “клубкі” свае ў хляве –
Там, дзе сумуюць граблі, вілы, косы
Па маладой няскошанай траве.
Лічыў стары: прыносяць восы шкоду,
Прынамсі, бескарысныя яны,
Бо не даюць, як сёстры-пчолы, мёду,
Жывуць як дармаеды ці паны.
Пры гэтым дзеда беднага, бывала,
Кусалі як галодныя ваўкі,
Нібыта ў іх не тоненькае джала,
А вострыя звярыныя клыкі!
Калі ж на дзеда гамузам дурніцы
Накінуцца, крый божа, у хляве,
Дык будуць ратаваць яго ў бальніцы,
І там, магчыма, дзед не ажыве.
Таму стары сабе паставіў мэту:
Патрэбна пакараць такое зло,
А значыць, злыдняў-восаў зжыць са свету,
Каб у хляве і духу не было!
І тут, само сабой, пытанне ўзнікла:
А як яму змагацца з гэтым злом?
Не выкурыш, як пчол з калоды, звыкла,
І не прагоніш палкай ці калом:
На дзеда наляціць такая куча,
Што ён заенчыць:
– Божа барані!
А значыць, трэба дзейнічаць рашуча,
Каб шанцаў не пакінуць ім ані.
Калісь было вядома нашым продкам,
І цюкнула старому гэта ў скронь:
Для вынішчэння лепшым самым сродкам
З’яўляецца бязлітасны агонь.
Ажыццявіўся “план удалы” дзедаў,
Збылося ўсё, чаго стары хацеў:
Спаліў паяльнай лямпай “дармаедаў”!
Дарма, што папялішчам стаў і хлеў…

* * *

Здаецца мне, што большай будзе страта
І полымя падымецца вышэй:
Наступнаю згарыць у дзеда хата,
Бо ў ёй, гавораць, вельмі шмат мышэй…
Бедных побач не будзе

– Як толькі мільёны ў адну з латарэй
Я выйграю раптам, дык бедных людзей
Не будзе ўжо побач! –
Бажыўся нам ён. –
Бо я пераеду ў багаты раён…
Не піва, дык шампанскае

Дачцэ сказала мудрая кабета:
– Запомні назаўжды, дачушка, гэта:
З сябрамі не пускацьмеш жлукціць піва,
Дык з мужам вы не жыцьмеце шчасліва,
Бо ён жа спадцішка на старане
З жанкамі піць шампанскае пачне…
Паплакала

Сваёй “былой” задаў дзяцюк пытанне:
– Ты плакала хоць раз пасля расстання?
– Паплакала… Прычым не так даўно:
Як на нагу мне ўпала бервяно…
Падставы для размовы

“Прыедзь ка мне. Ёсць для размовы глеба”.
А як расцэньваць запрашэнне трэба?
Калі сказаў мужчына тую фразу,
Гарэлку варта закупляць адразу;
Як ад жанчыны тая прапанова,
Дык грошы трэба браць абавязкова…
Скарачаць дык скарачаць

Урад беларускі паведаміў людзям:
– На адрас чыноўнікаў чуем праклёны.
Мы іх скарачаць – і бязлітасна! – будзем.
І людзі сказалі:
– Нясіце патроны….
Сумленны чалавек

Як выпіта была другая пляшка,
Разумная жанчына мне сказала:
– Сумленным чалавекам быць не цяжка,
Калі ты маеш грошай вельмі мала:
Ты да людзей не ставішся са здзекам,
Імкнешся жыць з аглядкаю на Бога;
А цяжка быць сумленным чалавекам,
Калі ты маеш грошай вельмі многа.
Жончына шафа

Жанатым мужчынам засвоіць належыць,
Бясспрэчную ісціну ўбіць у глузды:
Чым болей у жончынай шафе адзежы,
Тым меней каханкаў улезе туды.

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.