
Лавіць шчупака забаронена:
– па 15 красавіка – у Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцях;
– па 23 красавіка – у Віцебскай вобласці.
На лоўлю астатняй рыбы абмежаванні ўжо дзейнічаюць, альбо вось-вось пачнуць дзейнічаць:
– з 20 сакавіка па 18 мая – Брэсцкая і Гомельская вобласці;
– з 1 красавіка па 30 мая – Гродзенская, Мінская і Магілёўская вобласці;
– з 10 красавіка па 8 чэрвеня – Віцебская вобласць.
Аматарскае рыбалоўства дазваляецца толькі адной вудай з адным кручком або адным спінінгам, у светлы час сутак з берага (без заходу ў ваду), а таксама з лёду або штучных збудаванняў, у дачыненні да якіх не ўстаноўлены абмежаванні і забароны на гаспадарчую дзейнасць.
Адказнасць за парушэнне правіл рыбалоўства
Выкарыстанне ў перыяд нерасту любых іншых прылад або спосабаў лоўлі кваліфікуецца па першай частцы артыкула 16.25 КаАП. Для парушальнікаў прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь (370—1110 рублёў).
Пры незаконнай канфіскацыі рыбы ў перыяды забароны шкода, прычыненая навакольнаму асяроддзю, кампенсуецца на падставе такс, устаноўленых пастановай Саўміна ад 11.04.2022 № 219, у трайным памеры па кожным канфіскаваным відзе рыбы.
Да прыкладу, у адпаведнасці з пастановай, адзін шчупак ацэньваецца ў тры базавыя велічыні, а падчас дзеяння забароны – у дзевяць базавых, або 333 рублі. Судак звычайны -– шэсць і 18 базавых, адпаведна. Пры гэтым ні вага, ні памер рыбіны не маюць значэння.
У адпаведнасці з 4 часткай арт.16.25 КаАП, за выкарыстанне судоў у гэты час можна атрымаць штраф да дзесяці базавых велічынь (для фізасобы).
Выключэнне: выкарыстанне судоў у перыяды забароны дапускаецца на падставе дазволу, прынятага раённым або гарадскім выканаўчым камітэтам, у выпадках неабходнасці іх выкарыстання для перамяшчэння па водным аб’екце ў гаспадарчых, транспартных, спартыўных і турыстычных мэтах.
ДАРЭЧЫ
У Полацку 22 рыбакі ледзь не сплылі на крызе
Пра надзвычайнае здарэнне па гарачых слядах паведаміў старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч.
«Трэніровачны выезд ратавальнікаў Полацкага ГРАНС завяршыўся сапраўднай аперацыяй па выратаванні рыбакоў», -– напісаў Ігар Марковіч.
На Заходняй Дзвіне каля Пакроўскага моста ў Полацку пастаянна можна бачыць рыбакоў. Але гэтым разам крыга, на якой яны сядзелі, адкалолася і паплыла ад берага. Невядома, куды б сплылі 22 заядлыя рыбаловы, калі б не своечасовая дапамога. Работнікі Полацкага ГРАНС, якія ехалі на вучэнні, спецыяльным абсталяваннем зачапілі крыгу і дапамаглі пацярпелым выбрацца на бераг.
«Няўжо дзеля сумніўнага ўлову варта рызыкаваць здароўем, а часам і жыццём?! Паважаныя палачане, вясновы лёд тоіць вялікую небяспеку, будзьце асцярожныя, беражыце сябе і сваіх блізкіх”, – звярнуўся да землякоў кіраўнік раёна.