
Паплечнікі палітыка А.Дзмітрыева распавялі “Народнай Волі”, якія навіны даходзяць ад яго на волю.
Раней Андрэй Дзмітрыеў быў кіраўніком руху “Гавары праўду”, а ў 2020-м – кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Апошнім часам працаваў над стварэннем палітычнай партыі пад назвай “Наша партыя”.
Палітык быў затрыманы 11 студзеня гэтага года.
Па інфармацыі Следчага камітэта, “устаноўлена датычнасць да экстрэмісцкай дзейнасці” палітыка. Сцвярджалася, што Дзмітрыеў у жніўні-верасні 2020-га ўдзельнічаў у Мінску ў “вулічных беспарадках”.
Акрамя таго, следчыя падлічылі, што падазраваны 599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 – пасля 2020 года. Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Андрэя Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захада і ЗША можа сведчыць пра каардынацыю яго палітычнай дзейнасці з-за мяжы.
Таксама ў Следчага камітэта маецца інфармацыя, што “затрыманы кантактаваў з дзяржаўным сакратаром ЗША і асабіста яго былым кіраўніком Хілары Клінтан”.
Андрэй Дзмітрыеў – падазраваны па крымінальнай справе па артыкуле “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (арт. 342 КК).
“Канчатковую прававую ацэнку” дзеянням Дзмітрыева Следчы камітэт абяцае даць па выніках расследавання.
– Пакуль што нейкіх вызначальных навін ад Андрэя няма, – распавяла «Народнай Волі» Таццяна Караткевіч, паплечніца палітыка. – Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, апошнім часам ёсць вялікая праблема з ліставаннем. Ні нашы лісты яму не даходзяць, ні яго – на волю, таму мы занепакоены гэтым. Праўда, ёсць магчымаць дапамагаць Андрэю перадачамі. Перадаем тое, што просіць: прадукты, нейкія рэчы для карыстання, чаравікі без шнуркоў…
– З яго сям’ёй сувязь падтрымліваеце?
– Так, размаўляем і з жонкай, і з дзецьмі. Ім, безумоўна, няпроста ў гэты час, але трымаюцца. І, дарэчы, у сям’і таксама праблемы з перапіскай з Андрэем. Перажываюць з-за гэтага. Невядомасць нервуе і напружвае.
– Што яшчэ вядома пра гэтую справу?
– Пра справу падрабязнасцей не маю, але старыя абвінавачванні застаюцца.
Таксама стала вядома, што не так даўно абаронцу Андрэя пазбавілі ліцэнзіі, і зараз у яго новы адвакат.
Сяргей ЗАБЛОЦКІ.