
Журналіста Дзяніса Івашына перавялі на строгі рэжым.
Нагадаем, 14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Спачатку Дзяніс Івашын знаходзіўся ў Магілёўскай калоніі №15, але ў мінулым месяцы яго перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна. Зараз блізкія журналіста даведаліся, што, аказваецца, над Дзянісам адбыўся суд па змене рэжыму, пра які ніхто не ведаў.
“Людміла Мікалаеўна, маці Дзяніса, у час поўнага няведання таго, дзе знаходзіцца яе сын, і што з ім адбываецца, накіравала запыт начальніку магілёўскай калоніі №15, — распавяла Вольга Івашына, жонка журналіста. — Ён адказаў толькі пра тое, што перавёў Дзяніса ў турму ў Жодзіна. Маці вырашыла ўдакладніць падставу для пераводу. І вось прыйшоў адказ”.
З адказу высвятлілася, што суд па змене рэжыму ўсё-такі быў.
“Паважаная Людміла Мікалаеўна! – гаворыцца ў адказе начальніка калоніі. – Ваш зварот разгледжаны адміністрацыяй папраўчай установы “Папраўчая калонія №15” УДВП МУС па Магілёўскай вобласці. Паведамляю, што асуджаны Івашын Д. пераведзены ў турму для далейшага адбыцця пакарання па пастанове суда Кастрычніцкага раёна г.Магілёва”.
“У цывілізаванай краіне вас бы, напэўна, здзівіла, што пра гэта ні сном, ні духам не ведаў адвакат, які павінен быў бы абараняць Дзяніса падчас гэтага працэса”, — дадае Вольга Івашына.