
4 сакавіка з Мінска ў Доху павінен вылецець першы авіярэйс з беларускімі турыстамі
Такім чынам, для беларусаў адкрываецца новая краіна – Катар. Гэта адна з самых багатых краін свету. Але галоўная яе асаблівасць – унікальнае гарманічнае спалучэнне культурнай спадчыны, традыцый і сучасных тэхналогій.
Усё гэта для турыстаў дапаўняецца цудоўнымі пляжамі, гастраноміяй, арабскай культурай, актыўным адпачынкам, прыроднымі славутасцямі.
Так, працягласць берагавой лініі Катара складае 560 кіламетраў, і турысты могуць атрымаць асалоду ад пляжнага адпачынку літаральна праз паўгадзіны язды ад аэрапорта. Пляжы ў краіне чыстыя і дагледжаныя, гатэлі – раскошныя аазісы, з развітай інфраструктурай для ўсёй сям’і. SPA і фітнес-клубы – па цалкам даступных цэнах.

Катар здзівіць вас аб’ектамі культурнай спадчыны і футурыстычнымі архітэктурнымі вынаходніцтвамі. У краіне знаходзіцца адзін з самых прыгожых музеяў свету – Нацыянальны музей Катара, цудоўны Музей ісламскага мастацтва, ёсць велізарная колькасць галерэй, дзе выстаўляецца сучаснае мастацтва.

Тыя, каго вабяць прыродныя цуды, змогуць наведаць унутранае мора “Хор-Аль-Адаід” – месца, дзе пустыня сустракаецца з вадой, пячору Даль-аль-Месфер глыбінёй 40 метраў, мангравыя лясы Аль-Такіра, дзе можна сустрэць фламінга і іншых невядомых нам птушак…
Адным словам, у беларусаў з’явілася магчымасць адкрыць для сябе Катар. І адпачыць, і павучыцца. У часы, калі межы многіх краін для нас закрываюцца, гэта добрая навіна.
Да ведама
Турыстычная віза на 30 дзён прадастаўляецца па прылёце ў Катар пры наступных умовах:
– тэрмін дзеяння пашпарта – 6 месяцаў з моманту заканчэння паездкі;
– наяўнасць 1000 долараў на крэдытнай картцы або наяўнымі;
– пацверджаны зваротны білет;
– пацверджанае браніраванне гатэля на пэўныя даты;
– кошт візы 100 катарскіх рыалаў (прыкладна 27 долараў). Хаця для чартарных турыстычных рэйсаў кошт візы пакрывае Офіс па турызме Катара, так што плаціць, можа, і не прыйдзеццца;
– сертыфікаты аб вакцынацыі, ПЦР або антыген-тэсты не патрэбны.
Ганна ГАРДЫНЕЦ.