Абяцанкі-цацанкі Уладзіміра Базанава

Уладзімір Базанаў . Фота з адкрытых крыніц.

Днямі старшыня Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў у чарговы раз павесяліў футбольную грамадскасць. Па яго словах, “паўтара года таму ў Беларусі ўкаранілі нямецкую праграму, распрацаваную разам з Расійскім футбольным саюзам. Каб надышоў прагрэс, трэба пачакаць 5-7 гадоў”.

Ну і цуд! Аказваецца, што беларускі футбол ужо паўтара года развіваецца па “нямецкай праграме”, а мы пра гэта нічога і не ведалі. Магчыма, і самі футбалісты не здагадваліся, па якой праграме яны не трапляюць з метра ў вароты ў матчах за нацыянальную зборную. Добра, што Базанаў прасвяціў.

“Па гэтай нямецкай праграме нам патрэбна падняць пласт усіх беларускіх СДЮШАР, каб яны працавалі па гэтым плане, – распавёў футбольны чыноўнік пра бліжэйшыя планы. – У дадатак – прыватныя школы. У нас футболам займаюцца больш за 30 тысяч. І вось усё гэта трэба падняць знізу. Мы ў другой лізе зрабілі вельмі шмат каманд, 77 калектываў, таму што ў шэрагу абласцей нават абласныя чэмпіянаты раней не праводзіліся”.

“Я думаю, што ў нас будзе вынік, – запэўніў Уладзімір Базанаў. – Але трэба крыху пачакаць. Мінімум пяць-сем гадоў патрэбна чакаць, каб надышоў прагрэс. Акрамя гэтага, за пяць-сем гадоў мы яшчэ павінны давесці да розума інфрастуктуру. Як вы ведаеце, мы будуем футбольныя палі ў асноўным за кошт УЕФА і ФІФА…”

І сапраўды: навошта трымаць справаздачу за тое, што паспеў зрабіць, калі можна карміць народ абяцанкамі-цацанкамі, якія будуць “праз пяць-сем гадоў”? А можа, і не будуць, але хто пра гэта ўспомніць?

А вось тое, што 27 сакавіка споўніцца чатыры гады, як Уладзімір Базанаў быў абраны старшынёй Беларускай федэрацыі футбола, – гэта ўжо гістарычны факт. І лагічна было б успомніць, якіх “вышынь” дасягнуў за гэты час беларускі футбол, а не казаць пра тое, што будзе “па нямецкай праграме” праз сем гадоў. А вынікі такія:

– Калі ў 2011 годзе зборная Беларусі займала 36-е месца ў рэйтынгу ФІФА, то сёння апусцілася аж на 97-е. На гэты момант наша каманда знаходзіцца акурат паміж В’етнамам і Экватарыяльнай Гвінеяй.

– У сваёй групе ў Лізе нацый беларуская каманда заняла апошняе месца. Зборная не змагла перамагчы ўжо ў 13 афіцыйных матчах запар. Пакуль што апошняя перамога беларусаў адбылася 27 сакавіка 2021 года, калі каманда перамагла эстонцаў (4:2) у дамашнім матчы кваліфікацыі да чэмпіянату свету–2022. З таго часу зборная пацярпела дзесяць паражэнняў і тройчы згуляла ўнічыю.

– Апошні еўракубкавы сезон для беларускіх клубаў быў не проста правальны, а рэкордна правальны – Беларусь заняла апошняе, 55-е, месца ў сезоннай табліцы каэфіцыентаў УЕФА. Ніжэй падаць ужо няма куды.

Вось такія вынікі за гады «праўлення» ў федэрацыі Уладзіміра Базанава і яго адміністрацыйнай каманды. Як бачым, шмат чаго ўдалося “дасягнуць” – не кожны можа пахваліцца, што пры яго чынным удзеле за такі кароткі час беларускі футбол апусціўся на самае дно. Відаць, позна пра “нямецкую праграму” ўспомнілі.

Алесь СІВЫ.