“А на беразе Ельцын крычыць: “Ратуйце Шаміля!”

Шаміль Тарпішчаў. Фота з адкрытых крыніц.
Шаміль Тарпішчаў. Фота з адкрытых крыніц.

На мінулым тыдні ў Беларусі пабываў старшыня Федэрацыі тэніса Шаміль Тарпішчаў. Асоба ў спартыўных колах досыць вядомая і каларытная.

У Мінску Тарпішчаў вырашаў пэўныя спартыўныя пытанні, і, акрамя гэтага, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, якому Шаміль Анвяравіч падарыў сваю кнігу Стрэс нараджае чэмпіёнаў. Загадкі псіхалогіі”.

Зрэшты, гэта не першая паездка ў Беларусь Тарпішчава і не першая напісаная ім кніга.

А вось некаторыя цікавыя факты і гісторыі, якія Шаміль ТАРПІШЧАЎ распавёў Народнай волі падчас аднаго з прыездаў у Мінск.

 

Пра сябе і сямю

– Шаміль у перакладзе азначае – “чалавек, якога пачуў Бог”. Гэта са старататарскай мовы. А прозвішча Тарпішчаў перакладаецца як “жыхар вузкай пячоры”. Брат у мяне займаецца гістарычнымі каранямі, вось ён і раскапаў гэтыя пераклады. Сына майго Аміра таксама “ўладаром” можна называць, але я яго называю Шамілем. Ён сам так захацеў – яму так больш падабаецца. І да гэтага так усіх прывучыў, што яго нават на спаборніцтвах называлі Шамілем, хоць па пашпарце ён, вядома ж, Амір.

Мае продкі былі заможнымі па тых часах людзьмі. Яны жылі ў Мардовіі, у вёсцы Тат-Юнкі. Там праходзіў Екацярынінскі тракт, вёска налічвала больш за 600 дамоў і наогул лічылася заможнай.

Трымалі кітайскіх лекараў, вырошчвалі персікі і вінаград, гандлявалі з Японіяй, Кітаем, Польшчай, а ў майго дзеда быў цагляны дом з прыбудовай, сад, трымаў ён коней, кароў, авечак, птушку… Нават мячэць свая ў Тарпішчавых была.

Праўда, падчас калектывізацыі ўсе разрабавалі, а дом і наогул спалілі. У мячэці зрабілі клуб і калгасную сталярку. А наогул наша прозвішча было досыць распаўсюджанае, і цяпер, напрыклад, я сустрэў пяць сем’яў Тарпішчавых у Аўстраліі, дзве ў Сан-Францыска і шмат дзе яшчэ. Ведаю, што стрыечны дзядзька жыве ў Амерыцы, раней працаваў на авіяцыйнай базе. Праўда, калі ён сыходзіў на пенсію, яму падарылі вілу, а майму бацьку, які ўсё жыццё адпахаў на заводзе “Сцяг Працы”, – ордэн Леніна. Таксама нядрэнна. Хацелі прадставіць да Героя сацыялістычнай працы, але вырашылі, што дырэктар завода больш варты гэтага звання.

 

Пра кватэрнае пытанне

– Разлічваць, што я атрымаю ў Маскве бясплатную кватэру, было абсалютна нерэальна. А час ішоў, трэба было нешта вырашаць. Хаця я быў халасцяком, калі там было пра кватэру думаць? Раз’езды, зборы, тое ды сёе… У гасцініцы пераначуеш – і нармальна. Да таго ж уступіць у кааператыў таксама не атрымлівалася – нейкія там праблемы былі з метрамі. І вось аднойчы пазнаёміліся мы на корце з Анатолем Іванавічам Кастэнка, ён тады працаваў у Массавеце і як раз курыраваў кватэрнае пытанне. Аказаўся вялікім аматарам тэніса, даведаўся, што ў спартсмена зборнай СССР, гэта значыць у мяне, ёсць праблемы з кааператывам. Трэба дапамагчы! Але калі мы пажаніліся з Анжэлай, кватэра яшчэ будавалася, так што пасля вяселля амаль два гады яшчэ прыйшлося пажыць не ў сваёй кватэры – жылі ў драўляным доме пад Масквой…

А ў 1994 годзе мы пераехалі ў “прэзідэнцкі” дом. Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын надумаў зрабіць там сваю рэзідэнцыю і вырашыў, што яго павінны атачаць блізкія яму людзі. Пасяліў там Каржакова, Ерына, Юмашава, Грачова, Гайдара… У 94-м прапанаваў і мне. Адмаўляцца не мела сэнсу.

 

Пра Ельцына

– З Барысам Мікалаевічам мы пазнаёміліся ў Юрмале ў 1988 годзе, калі зборная СССР праводзіла матч супраць галандцаў. Перад гульнёй на кортах зладзілі канцэртна-тэніснае шоу. І вось выступаюць артысты, дэманструюць усялякія “фокусы” тэнісісты, я стаю “за кулісамі” са старшынёй мясцовага спорткамітэта і таксама чакаю свайго выхаду на корт – па сцэнарыі Іосіф Кабзон павінен быў уручыць мне медаль Міжнароднай федэрацыі тэніса за ўклад у развіццё тэніса.

Гляджу – ідуць Ельцын з жонкай пад руку. Спыніліся, круцяцца на адным месцы, квіток у руках верцяць, не ведаюць, куды сесці. “Ідзі і пасадзі іх, – кажу майму суправаджальніку. – Гэта ж Ельцын…” Пасля ўручэння медаля падышоў яшчэ і да Рубікса, тады першага сакратара ЦК Кампартыі Латвіі (мы нядрэнна адзін аднаго ведалі) з просьбай пасадзіць чатырох Ельцыных у ложу. Той без праблем арганізаваў і гэта.

Тады Ельцына яшчэ толькі-толькі выключылі на пленуме ЦК з кандыдатаў у члены Палітбюро і прызначылі намеснікам старшыні Дзяржбуда. Пасля пленума Ельцын трапіў у бальніцу, і, натуральна, ніхто яго асабліва не пераследаваў… Дык вось, праз год мы зноў чыста выпадкова сустрэліся з ім у Юрмале, і тады я ўпершыню прапанаваў Ельцыну згуляць у пары ў тэніс. Я гуляў з Барысам Мікалаевічам, а ваш зямляк Сярожа Леанюк (у свой час быў чэмпіёнам СССРаўт.) склаў пару з пісьменнікам-сатырыкам Міхаілам Задорнавым. Пагулялі, Ельцыну спадабалася, дамовіліся, што на наступны дзень працягнем нашы зносіны на корце. Пасля адразу ж дружна пайшлі “пагаварыць” у бар. Спачатку сышлі Ельцын з жонкай, затым я, а Леанюк з Задорнавым яшчэ так “пагаварылі”, што праз дзень гляджу – Мішу яшчэ “штарміць”. Але няёмка было ж перад Барысам Мікалаевічам – зараз прыйдзе, гуляць трэба. “Міша, – кажу, – збярыся. Пабегай па корце, прыйдзі ў сябе, давай я цябе разамну”. “Р-разамні”, – адказвае.

Я Задорнава па кутах трохі паганяў, папацеў ён, у норму стаў патрохі прыходзіць. І тут я вырашыў праверыць яго на рэакцыю. Падаю і… Мама мілая! Міша не паспявае падняць ракетку, мяч трапляе яму паміж ног, “тэнісіст” падае дагары, і тут ужо ўсім не да смеху. Задорнаў ляжыць, як нежывы. Я падбягаю, пачынаю рабіць яму масаж, штучнае дыханне “вусны ў вусны” і тут выразна адчуваю, што на мяне хтосьці глядзіць. Паварочваюся і бачу, што нада мной стаіць здзіўлены Ельцын і пытаецца: “А чым гэта вы тут з Задорнавым займаецеся?” Гэта цяпер успамінаеш з гумарам, а тады… Затым, натуральна, я стаў пастаянна трэніраваць Барыса Ельцына, суправаджаў яго ўсюды ў паездках, на адпачынку.

 

Пра закулісныя гульні

– Камічных выпадкаў шмат было. Чаго варта хаця б гісторыя з Віктарам Ерыным, які ў свой час быў міністрам унутраных спраў Расіі. Былі разам з Ельцыным на моры і жартам вырашылі пазмагацца з Ерыным на пірсе. Абодва ўпалі ў ваду. А на беразе Барыс Мікалаевіч. Убачыў нас у вадзе і крычыць ва ўвесь голас: “Ра-а-атуйце Ша-а-аміля!” Ельцынскае акружэнне адразу ж дало сваю ацэнку гэтай падзеі: “Канец! Хана Ерыну! Напэўна, хутка здымуць, калі Ельцын не згадаў, што яго патрэбна ратаваць”.

Пасля выбараў 1996 года акружэнне Ельцына занепакоілася, што я маю нейкі ўплыў на Барыса Мікалаевіча. Баяліся, што скажу нешта не так. Пайшло цкаванне мяне ў СМІ. Памочнік генеральнага пракурора Скуратава Аляксандр Звягінцаў заяўляў, што на імя Генеральнага паступіла заява былога старшыні Нацыянальнага фонду спорту Расеі Барыса Фёдарава аб тым, што быццам бы я і былы кіраўнік Службы бяспекі прэзідэнта вымагалі ў яго 40 мільёнаў долараў. Сам Фёдараў агучваў гэта на НТВ, ОРТ. Сёння пра гэта непрыемна нават успамінаць… Лухта нейкая! Тады я для многіх быў небяспечны, і мяне прыбралі.

 

Пра палітыкаў

– Суправаджаючы Барыса Ельцына, мне нярэдка даводзілася гуляць у тэніс з рознымі палітыкамі. Корт – гэта як шахматная дошка, усе хады, выйгрышы і пройгрышы павінны быць да месца і прадуманы. Тэніс для палітыкаў – гэта не толькі спорт, але і палітыка.

Гуляў з многімі. З Лукашэнкам, Кучмай, Назарбаевым… Але мы гулялі не дзеля перамогі, а каб атрымаць задавальненне. Для нас, прафесіяналаў, не было праблемы выйграць. Трэба было гульню так пабудаваць, каб і твой партнёр сыходзіў з корта шчаслівым. Таму звычайна мы рабілі дыпламатычную нічыю.

Дарэчы, узровень тых жа Назарбаева, Лукашэнкі, Лужкова для аматараў быў на добрым узроўні. Але калі Ельцын і Лужкоў пачалі гуляць у 58 гадоў, а Лукашэнка ў 45, то розніца ва ўзросце, натуральна, адчувалася і на корце.

Трэба адзначыць, што пры мне вельмі многія палітыкі, незалежна ад іх поглядаў і партыйных перакананняў, знаходзілі на корце агульную мову. А гэта, пагадзіцеся, ужо шмат.