
На электроннай гандлёвай пляцоўцы “ІПМ-Таргі” размешчана аб’ява аб продажы з аўкцыёну завода “Полацкія напоі і канцэнтраты”, больш вядомага як Полацкі піўзавод. Пачатковы кошт лота складае 3,2 мільёна рублёў, або 1,1 мільёна долараў. Прадаўцом выступае адкрытае акцыянернае таварыства “Белсолад”.
Піўзавод з’яўляецца дзеючым прадпрыемствам і прадаецца як маёмасны комплекс.
Таргі прызначаны на 4 красавіка. Пакупнік павінен будзе пагасіць крэдыторскую запазычанасць прадпрыемства перад ААТ “Белсолад” у тэрмін, не пазней за 36 месяцаў з даты заключэння дагавора куплі-продажу, шляхам штомесячнага пагашэння запазычанасці роўнымі долямі.
Таксама пакупнік абавязаны заключыць з ААТ “Белсолад” дагавор куплі-продажу абсталявання, набытага таварыствам для гэтага прадпрыемства.
Летась Полацкі піўзавод адзначыў 50-годдзе. У асартыменце яго прадукцыі —піва, канцэнтрат квашанага сусла, соладавыя экстракты. У апошні час прадпрыемства актыўна развівала ўласную гандлёвую сетку.
Ніна ЖВІРКО.