Павел Севярынец з сям'ёй. Фота: сацсеткi

Вольга Севярынец распавяла пра сваё маленькае сямейнае свята.

Нагадаем, што палітык Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года. Яму было прад’яўлена абвінавачванне па ч.1 арт.13 і ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэкса – Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках.

У выніку П.Севярынец асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Зараз ён адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі.

“Зімовы сезон самы багаты ў нашай сям’і на святы, – распавяла Вольга Севярынец, жонка палітыка. – На гэтым тыдні была гадавіна нашага з Пашам вянчання – 9 год, як мы разам.

Заходзім на юбілейнае кола! Мару, што зробім на дзясятую ці якую Бог дасць гадавіну аднаўленне сужэнскай клятвы, як у амерыканскіх фільмах. Запросім святара, які нас вянчаў, родных і сяброў і будзем весяліцца.

З гэтых 9 год Паша каля года правёў на сутках і больш двух год па турмах. Мы шмат працавалі, шмат аддавалі, шмат атрымлівалі. Нарадзілі двух цудоўных хлопчыкаў Янку і Францішка. Кахалі, былі шчырымі, рабілі, што маглі, прымалі выклікі, станавіліся лепш і згаршаліся. І заўсёды былі разам у шчасці разам, разам і ў горы, па самыя берагі.

Плёнам нашай гісторыі стаў і каляндар на 2023 год, які Паша маляваў, а мы выдалі, яшчэ застаюцца асобнікі, бо мы зноў дадрукавалі каляндар па просьбах людзей, то запрашаю, хто яшчэ не мае, адзначыцца ў каментарах ці напісаць мне, альбо замовіць праз Кроплю.бай.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.