
38 краін-удзельніц АБСЕ 23 сакавіка запусцілі “маскоўскі механізм” для вывучэння “пагроз выкананню палажэнняў чалавечага вымярэння, якія ствараюцца парушэннямі і злоўжываннямі правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь”.
Папярэдні раз гэты механізм адносна Беларусі быў задзейнічаны ў 2020 годзе. Спасылаючыся на даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, краіны АБСЕ заяўляюць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца.
У дакуменце таксама згадваецца, што Беларусь атрымала шэраг рэкамендацый па выніках даклада ў рамках “маскоўскага механізма”, запушчанага ў 2020 годзе (тады 19 дзяржаў ініцыявалі гэты працэс). Аднак з таго часу афіцыйны Мінск не разгледзеў выстаўленыя абвінавачванні і проста праігнараваў рэкамендацыі. Сітуацыя ў Беларусі, лічаць у АБСЕ, нават стала пагаршацца, у тым ліку ў сувязі з дапамогай, якую аказваюць улады ў вайне Расіі супраць Украіны.
У заяве пералічваюцца такія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, як:
– больш за 1500 палітвязняў;
– затрыманні і арышты праваабаронцаў, прадстаўнікоў апазіцыі, журналістаў, юрыстаў, актывістаў;
– прызнанне арганізацый экстрэмісцкімі і ліквідацыя амаль усіх незалежных НДА;
– ліквідацыя незалежных прафсаюзаў;
– пашырэнне прымянення смяротнага пакарання.
“Маскоўскі механізм” АБСЕ прадугледжвае стварэнне місій экспертаў або дакладчыкаў для працы з вывучэннем становішча з чалавечым вымярэннем ў пэўнай краіне. “Гэты механізм накіраваны на расследаванне заяў аб сур’ёзных парушэннях абавязацельстваў, узятых дзяржавамі ў рамках АБСЕ ў галіне правоў чалавека, і вызначэнне мер па іх ліквідацыі”, – патлумачыла МЗС Францыі, якое горача вітала рашэнне калег па АБСЕ.
Чаму механізм называецца “маскоўскім”? Таму што рашэнне аб магчымасці яго прымянення было падпісана ў Маскве ў 1991 годзе. Ён прымяняўся восем разоў для ўрэгулявання самых вострых сітуацый у рэгіёне.
ТЫМ ЧАСАМ
Мінск заклікае пагаварыць
У адказ на гэтую навіну МЗС Беларусі размясціла на сваім сайце тэкст выступлення прадстаўніка Беларусі ў Савеце АБСЕ (прозвішча не названа, але прадстаўніком Беларусі ў арганізацыі з’яўляецца Андрэй Дапкюнас).
“Нам сумна бачыць, як паважаныя дэлегацыі краін палітычнага Захаду з упартасцю, годнай лепшага прымянення, у каторы ўжо раз задзейнічаюць у дачыненні да Беларусі так званы «маскоўскі механізм». Зразумела, заўсёды ставячыся да ўсіх прысутных у гэтай зале з нязменнай павагай, мы не дапускаем таго, што дэлегацыі краін-ініцыятараў чарговага палітычнага шоу, прысвечанага Беларусі, сур’ёзна разлічваюць на атрыманне якога-небудзь іншага выніку, чым той, якім заканчваліся ўсе ранейшыя спробы. Яго адзіны вынік – 15 хвілін “таннай славы” для жадаючых засведчыць перад усім светам праведнасць сваёй палітычнай пазіцыі.
У той жа час, з пункту гледжання асэнсаванай камунікацыі, адзіна здольнай даць канструктыўны адказ нашым трывогам і заклапочанасці, гэты працэс мае нулявы вынік. Выкарыстоўваючы відавочна састарэлы інструмент з іншай гістарычнай эпохі, ініцыятары чарговага “суда прагрэсіўнай грамадскасці” над Беларуссю робяць стаўку на працяг тактыкі нарастаючага ціску на краіну па ўсіх напрамках – праз санкцыі, ізаляцыю і запалохванне.
Паважаныя калегі, калі вы думаеце, што, размахваючы санкцыйнай дубінкай, вы выклічаце свайго апанента на шчырую размову аб набалелым, то вы проста займаецеся самападманам.
На працягу многіх стагоддзяў знешнія сілы пастаянна спрабавалі задушыць беларускі народ, падпарадкаваць яго сваёй волі, прымусіць жыць па чужых уяўленнях пра тое, што такое «добра» і што такое «дрэнна». Не атрымалася тады, не атрымаецца і сёння.
Беларускія ўлады могуць і гатовыя абмяркоўваць пытанні і пажаданні, якія маюць асобныя краіны, але пры адной умове: у фармаце раўнапраўнага і паважлівага міждзяржаўнага дыялогу. Без напышлівых прэтэнзій і ультыматумаў. З разуменнем усёй шматскладовасці нашага свету і разнастайнасці цывілізацыйных шляхоў да шчасця і лагоднасці”, – гаворыцца ў заяве.
ДА ВЕДАМА
АБСЕ – Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Аб’ядноўвае 57 краін не толькі еўрапейскага рэгіёна, але таксама Цэнтральнай Азіі і Амерыкі.
Дзеючым старшынёй арганізацыі з’яўляецца – Буяр Асмані, міністр замежных спраў Паўночнай Македоніі.