10 лютага – разгляд апеляцыі Сергея Сацука

Сяргей Сацук. Фота з адкрытых крыніц.
Сяргей Сацук. Фота з адкрытых крыніц.

У гэты дзень апеляцыйная скарга будзе разгледжана ў Вярхоўным судзе, але асуджанага ўжо этапіравалі ў Магілёўскую турму №4.

Нагадаем: Сяргей Сацук – галоўны рэдактар заблакаванага інтэрнэт-партала «Ежедневник», аўтар рэзанансных расследаванняў пра факты карупцыі ў дзяржаўнай сістэме.

Яго затрымалі 8 снежня 2021 года. У той жа дзень дома ў яго адбыўся ператрус, а доступ да сайта, дзе Сацук публікаваў свае журналісцкія расследаванні, быў заблакіраваны.

Сяргея вінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «атрыманне хабару» (арт.430), «распальванне варожасці» (арт.130), «перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт.426).

У выніку Сяргей Сацук асуджаны на 8 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Таксама журналісту прызначаны штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 тысяч беларускіх рублёў). Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12.384 беларускія рублі.

Сяргея Сацука ўжо этапіравалі ў магілёўскую турму №4, хаця апеляцыйная скарга пакуль не разгледжана.

Як распавёў “Народнай Волі” брат журналіста Аляксандр САЦУК, “Сяргей напісаў спачатку на 71 старонцы дапаўненні да апеляцыйнай скаргі адваката, а затым яшчэ дадаў некаторыя факты і атрымалася 85 старонак”.

Тым часам, у сваіх апошніх лістах блізкім Сяргей паведаміў, што яму абяжоўваюць доступ да неабходных лекаў, і гэта ўжо ператварылася ў хранічную праблему. У журналіста даўняя хвароба сэрца, якая прадугледжвае рэгулярны прыём прэпаратаў. Аднак, па маючай інфармацыі, турэмныя кантралёры ды медыкі ў аднабаковым парадку вызначаюць уласны “рэгламент”: то не выдаюць з пасылак ад сваякоў, то забараняюць без тлумачэння прычыны.

Каб рэзка не спыняць прыём таблетак, вязень вымушаны змяншаць дозу, каб лекаў хапіла як мага даўжэй.

Таксама Сяргей Сацук распавёў, што за той час, што правёў за кратамі, сабраў унікальны матэрыял ужо на некалькі кніг.