Беларуска абараніла ў Варшаве дыплом пад назвай «Апошні дыктатар Еўропы»
Дыплом з гучнай назвай «Апошні дыктатар Еўропы» абараніла стыпендыянтка праграмы Каліноўскага з Мастоў Таццяна Зарэмбюк. У Беларусі яна вучылася ў Інстытуце сучасных ведаў, пасля падзеяў 2006 г. была адлічаная. З’ехала на вучобу ў варшаўскую Акадэмію мастацтваў.
Дыплом уяўляе сабой праект мультымедыйнай выставы. Фотахроніка будзе падмацаваная інфармацыйнымі стэндамі і кароткімі відэасюжэтамі.
Што ж пабачаць наведнікі выставы, калі праект беларускай студэнткі будзе рэалізаваны? Выстава аб’яднае некалькі тэмаў. Гэта ўласна персанаж, пра якога вядзецца ў назве праекту. Яго палітычная біяграфія, а таксама кароткія гісторыі пра яго сяброў-дыктатараў. Сваё месца на выставе зойме аповяд пра ахвяраў «апошняга дыктатара Еўропы» — зніклых палітыкаў і бізнесоўцаў, палітзняволеных. Асобны стэнд у праекце будзе адведзены падзеям 19 снежня 2010 году.
Што да гучнай назвы свайго праекту, то Таццяна не баіцца абвінавачванняў у кан’юнктурнасці: «Я даўно цікаўлюся гэтай тэмай, колькі гадоў мару зладзіць выставу Ідэя прысвяціць дыпломную працу гэтай тэме нарадзілася ў мяне тады, калі распачаўся актыўны дыялог Захаду з дыктатарам. Я заўжды лічыла што з дыктатарам нельга дамовіцца. І не магла зразумець, як можна дараваць і замоўчваць тое, што адбылося напрыканцы 90-х з зніклымі палітыкамі. Як можна забыць пра лёсы палітзняволеных і іх сем'яў. Пра цяжкі лёс сына Завадскага». Працу над дыпломам Таццяна пачала ў маі мінулага году, абараніла яго 21 студзеня.
«Спадзяюся, што здолею арганізаваць выставу ўжо сёлета», — кажа Таццяна. Згодна праекту, выстава мае быць мабільнай. Студэнтка з Мастоў марыць аб’ехаць са сваёй працай Еўропу. Тым больш, што пэўная зацікаўленасць, па яе словах, на Захадзе ўжо ёсць.





галоўнае онлайн:


Навіны
абмеркаванне
Дмитрий (7.02.2011 19:06)
Ну это же диагнос правда?